ГВЕ́ЛЬФЫ І ГІБЕЛІ́НЫ,
саперніцкія паліт. групоўкі ў італьян. гарадах у 12—15 ст. Склаліся ва ўмовах барацьбы за панаванне ў Італіі паміж «Свяшчэннай Рым. імперыяй» і папствам. Гвельфы (італьян. Guelfi — скажонае імя герм. герцагскай дынастыі Вельфаў, ворагаў імператараў у Германіі), якія падтрымлівалі рым. пап, у асноўным выражалі інтарэсы папаланаў (мелі найб. моцныя пазіцыі ў г. Фларэнцыя). Гібеліны (італьян. Ghibellini — назва аднаго з замкаў Штаўфенаў у Германіі—Вайблінген) аб’ядноўвалі прыхільнікаў імператара, выражалі пераважна інтарэсы нобіляў (феадалаў) і мелі падтрымку ў гарадах Піза, Лука і інш. У ходзе барацьбы нярэдка папаланы пераходзілі ў лагер гібелінаў, нобілі — гвельфаў. З 14 ст. ў Фларэнцыі і шэрагу інш. гарадоў гвельфы падзяліліся на чорных («партыя» нобіляў) і белых («партыя» багатых гараджан). Аслабленне паліт. ролі імперыі і папства паспрыяла затуханню барацьбы паміж гэтымі групоўкамі.
т. 5, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)